?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry

А ці былі вы ў Дзятлава? Не, спытаю інакш: а ці чулі вы пра Дзятлава? Ведаеце, дзе гэта? :-)
Сьціплае мястэчка, закінутае ў глушэчы беларускай правінцыі, мейсца, дзе за адзінаццаць з паловай стагодзьдзяў беларускай гісторыі не адбылося роўным коштам НІЧОГА (паспрабуйце адшукаць хоць нештачка пра Дзятлава ў падручніках па гісторыі)...
А калі зірнуць неперадузята?!.
...старажытнае паселішча, заснаванае будучым гэроем Аршанскай бітвы князем Канстанцінам Іванавічам Астрожскім у 1498 годзе на мейсцы вялікакняскага двара Зьдзецела, валоданьне славутых магнацкіх родаў Астрожскіх, Сапегаў, Палубінскіх, Радзівілаў і Солтанаў, некалі квітнеючы гандлёва-рамесьніцкі цэнтар на гасьцінцы Вільня-Слонім, Дзятлава ў апошнія 200 гадоў свайго існаваньня сьціпла адыйшло ў цень, убок ад чыгункі і буйных аўтатрасаў... Але ж "рэха мінулых стагодзьдзяў" па-ранейшаму гучна разносіцца пад блакітам дзятлаўскіх нябёсаў, адбіваючыся ад дахаў і муроў старажытных храмаў і палаца...



Сяньня, як і сто, і дзьвесьце, і трыста год таму, самы высокі (а таму і найбліжэйшы да блакіту Нябёсаў) будынак, які вызначае аблічча галоўнай (даўнейшай рынкавай) плошчы Дзятлава - касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі.
Фундаваная славутым Львом Сапегам у 1624 г. сьвятыня была дабудаваная ўжо пры яго нашчадку - Казіміры Льве (Леоне) Сапеге (1646 г.). Рысы палымнеючага віленскага барока храм набыў стагодзьдзем пазьней, калі Дзятлава было ўладаньнем аднаго з адгалінаваньняў буйнейшага магнацкага дому ВКЛ - Радзівілаў.
Як бачым, пра старажытнасьць храма сьведчыць архаічны выгляд бакавых фасадаў з готыка-рэнэсанасавымі контрфорсамі, а апсіда касьцёла нагадвае ўзьведзены прыкладна ў адзін час зь дзятлаўскім ружанскі касьцёл.

Тут таксама пануе рэнэсансавая стрыманасьць, "разбаўленая" адзіным дэкаратыўным элемэнтам:
Галоўны ж фасад, наадварот, - клясычны ўзор мастацтва барока, уражаньне ад якога часткова зьмяншаюць шаты дрэваў, што абступаюць храм, а таксама сьляды будаўніча-рамонтных работаў:

Фасад храма ўпрыгожваюць скульптуры сьвятых Пятра і Паўла, а таксама Хрыста і Дзевы Марыі. Што ў гэтым незвычайнага? - Па-першае, скульптуры каменныя, а не драўляныя-разьбяныя, як гэта зроблена нават у нясьвіжскай і гарадзенскай фарах (па некаторых зьвестках, Сапегі запрашалі скульптара з Кракава), а па-другое (і самае дзіўнае) гэтыя скульптуры зьберагліся да сяньняшніх дзён у амаль не пашкоджаным стане, нягледзячы на чатыры стагодзьдзі войнаў, паўстаньняў і ваяўнічага атэізму!
Зьвярніце таксама ўвагу на афармленьне нішаў, у якім выкарастаная мастацкая разьба па камені:



Асабліва ўражвае разьмешчаная непасрэдна над уваходным парталам скульптурная кампазыцыя "Маці Божая зь Дзіцем":
А вось і сам партал:
Над дзьвярыма - закладная дошка 1624 году (!), якая паведамляе пра закладку касьцёла Львом Сапегам (Leo Sapieha), канцлерам ВКЛ і старостам Слонімскім:
Дапаўняе мастацкі ансамбаль фасаду касьцёла трохкутнік Боскага Наканаваньня ў завяршэньні франтону:
Аблічча другой дзятлаўскай сьвятыні - праваслаўнай царквы Перамяненьня Гасподняга, заснаванай, паводле паданьня, яшчэ ў 1575 годзе князем Канстанцінам Канстанцінавічам Астрожскім і абноўленай прыхаджанамі ў 1839 г. (тым не менш, мінкультаўская шыльда на фасадзе кажа пра 18 стагодзьдзе) - значна больш сьціплае, вытрыманае ў традыцыях драўлянага народнага дойлідзтва. Але і тут пануе блакіт:
Галоўнай сьвятыняй гэтага храма зьяўляецца абраз сьв. Георгія Пераможцы, прывезены ў 1870 годзе мясцовым селянінам з Санкт-Пецярбурга.
Афарбоўка царкоўкі ўдала гармануе з люстранымі (!) купаламі новага вялікага храма, які ўзводзіцца побач са старажытнай сьвятыняю:
Бачыць, як у зьзяючым люстры храмавых купалоў адбіваюцца беласьнежныя аблокі і бязьмежны блакіт нябёсаў... Такая ідэя сапраўды вартая ўшанаваньня!
Нават у недабудаваным стане сьвятыня пакідае станоўчае ўражаньне і абяцае ў будучым стацца адной з галоўных славутасьцяў Дзятлава.
Але рушым далей - зусім недалёка ад царквы знаходзіцца былы дзятлаўскі палац славутых князёў Радзівілаў!
Палац, пабудаваны ў канцы 17 стагодзьдзя і перабудаваны ў 1751 годзе Станіславам Радзівілам, у віхуры стагодзьдзяў згубіў кутнія вежачкі і высокі вальмавы дах, але ў астатнім захаваў (хоць і ў адносна занядбаным стане) арыгінальны вонкавы дэкор сваіх фасадаў:
Аздоба франтону нараджае непазьбежныя асацыяцыі з галоўнай рэзыдэнцыяй Радзівілаў - нясьвіжскім палацам:
Буйства дэкору вяртае гледача ў кароткую, але бліскучую эпоху закату першай Рэчы Паспалітай, адзначаную ў архітэктуры з'яўленьнем новага стылю - бліскучага і вялікапышнага ракако:


Як бачым, стан палаца пакідае жадаць лепшага, хоць пэўныя захады па яго добраўпарадкаваньню ўжо робяцца:

Але да поўнай рэстаўрацыі, пакуль яшчэ, далекавата:
Што ж, будзем спадзявацца, што дабрадайны блакіт дзятлаўскіх нябёсаў будзе літасьцівы і да гэтага помніка мінуўшчыны, што зазнаў на сваім доўгім вяку і веліч, і заняпад, і, будзем верыць, дачакаецца адраджэньня!

Comments

( 8 comments — Leave a comment )
uri_2
Nov. 21st, 2012 01:20 am (UTC)
сохранилось старое фото деревянной церкви http://dyatlovo.by/images/photos/medium/db2a321ae8aabe490334398a00d2ad91.jpg, но она как-то совсем иначе выглядит.

В Дятлово еще интересна застройка центральной площади, прилегающих улиц и каплица на кладбище с интересной отделкой.

Про дворец два года ходят слухи, что реставрация таки будет, ведется проектная работа.
futureal2006
Nov. 21st, 2012 04:22 pm (UTC)
Падобна, што на фотаздымку - царква на могілках, бо вакол яе няма забудовы, а гэта мусіць быць цэнтар мястэчка.
Шэраговую забудову бачыў, але здымкаў не зрабіў з-за недахопу часу.
uri_2
Nov. 21st, 2012 07:42 pm (UTC)
на самом деле по всем описям в дятлово значилась только одна православная деревянная Спасо-Преображенская церковь, судя по могилам в старой части кладбища, местечко было преимущественно католическим. На старом фото не видно ничего похожего на могилы, так что я все-таки склоняюсь, что это та самая церковь и она была сильно перестроена в 20м веке.
futureal2006
Nov. 21st, 2012 08:32 pm (UTC)
Гледзячы па форме апсіды дзятлаўскага храму, яна збудаваная не пазьней 18 ст. - ні ў 19, ні ў 20 стагодзьдзях праваслаўныя так не будавалі. Па сваіх прапорцыях гэтая апсіда не дапасоўваецца да храму з прыведзенага Вамі здымку. Таксама інтэр'ер храма (на жаль, ня маю яго здымкаў) прымушае ўсумніцца ў Вашай выснове: іканастас 19 стагодзьдзя дакладна ўпісаны ў маштабы існуючай царквы (у той час як "царква са здымку" значна карацейшая па даўжыні), ківоты з абразамі таго ж 19 ст. знаходзяцца на мейсцах даўнейшых бакавых алтароў. А яшчэ асяродзьдзе - царква павінна знаходзіцца на адной з галоўных вуліц старога Дзятлава, якая вяла ад рынкавага пляцу да дзятлаўскага замка, а пазьней - пабудаванага на яго мейсцы палацу ўладальнікаў мястэчка. На прыведзеным Вамі здымку нічога падобнага няма, гэта тыпова вясковы пэйзаж. Таму, хутчэй за ўсё, гэты здымак ня мае дачыненьня да Дзятлава.
uri_2
Nov. 21st, 2012 10:37 pm (UTC)
доводы хорошие, но моя версия тоже имеет право на существование:
На старом снимке (датирован началом 20 века) тоже есть апсида (в книге более крупное изображение). Пропорции могли измениться, когда к церковь сильно достроили спереди ввиду небольшого размера старой, что могло случиться только в 20 веке, потому что отделка снаружи вообще не кажется исторической, а современные пропорции больше смахивают на обычную деревенскую избу. Те, старая декоративная башенка могла быть там, где сейчас расположен купол. Еще есть описание прихода http://orda.of.by/.lib/eparhii/gpck1899/t1/137, где упоминается отдельно стоящая деревянная колокольня и ограда. Касательно локации - никаких описаний где она находилась не нашел, только легенда про основание К. Острожским, перестройку 1839 года после пожара и и все. Зато нашел, что в конце 16 века там было всего 112 дворов (сейчас населения 7800) и что старый деревянный замок замком назывался только в одном источнике ввиду того, что жилые функции в нем доминировали над абарончымi. Те, деревенский пейзаж для этого исторически небольшого местечка - вполне нормально и естественно: его и сейчас можно пройти вдоль и поперек за час. Ведь статус города Дятлово получило относительно недавно и во многом благодаря санаторию. В начале века в этом месте вообще могло и не быть плотной застройки ввиду близости дворца и прилегающего к нему парка.
futureal2006
Nov. 22nd, 2012 05:00 pm (UTC)
Канечне, магло быць і так. Яшчэ адна задачка для гісторыкаў)
Дарэчы, зьнешні выгляд дзятлаўскай царквы (нават не зважаючы на апсіду) гаворыць на карысьць яе старажытнасьці - такія архаічныя формы ўвогуле характэрныя для драўлянага храмабудаўніцтва часоў Рэчы Паспалітай (толькі некалькі прыкладаў - Вялікія Жухавічы, 1745 г., Здзітава, 1502 г., Вавулічы, 1737 г., Збірагі, 1610 г., etc.). Да таго ж, на фасадзе царквы выкарыстаныя такія архаічныя дэкаратыўныя элемэнты традыцыйнай народнай архітэктуры, як спалучэньне некалькіх прыёмаў шалёўкі на франтонах фасаду і прытвора (гарызантальная, вэртыкальная і дыяганальная) з мэтай стварэньня мастацкага эфэкту, а таксама афармленьне кутоў асноўнага зрубу з выкарыстаньнем разьбянага дэкору ў выглядзе крыжоў і ромбаў, які таксама вельмі характэрны для храмаў 18 стагодзьдзя.
Плюс зноў-такі дзятлаўская царква даўжэй той, што на старым здымку, прыкладна ў тры разы (колькасьць вокнаў на бакавых фасадах адпаведна тры і адно). Павелічэньне памераў храма пры перабудове неадменна выклікала б і зьмяненьне інтэр'еру, з'яўленьне шматлікіх новых абразоў, выкананых у 20 ст., пабудову ківотаў і інш., каб запоўніць дабудаваныя 2/3 царквы. А насамрэч інтэр'ер Праабражэнскай царквы на 90 адсоткаў складаецца з абразоў 19 стагодзьдзя, у тым ліку з фундатарскімі запісамі, якія не сягаюць пазьней пачатку 20 ст. І яшчэ - капітальная перабудова праваслаўнай царквы ў правінцыяльным мястэчку з больш чым двухкротным павелічэньнем яе памераў пры польскай уладзе, а тым больш пры савецкай - справа малаверагодная, а тое, што такая падзея не пакінула ніякага адлюстраваньня ў дакумантах, - зусім неверагодная.
Таксама пэйзаж: на старым здымку няма не толькі шчыльнай, а ўвогуле ніякай забудовы, і нават дарогі, якая ў любым выпадку павінна была ісьці ад палаца да цэнтра мястэчка, што выклікае вельмі моцныя сумненьні: літаральна ў некалькіх кроках павінна быць гандлёвая плошча з мураванай (!) забудовай, з другога боку - былы палац (у той час настаўніцкая школа), і ў тое, што паміж гэтымі дзьвюма кропкамі (пяць-дзесяць хвілін хады) было некранутае поле ня верыцца. Канечне, былі выпадкі, што драўляныя цэрквы пераносілі з аднаго мейсца ў іншае, але яны абавязкова фіксаваліся. Але ў адносінах да дзятлаўскай царквы такіх зьвестак няма, так што...
Хутчэй за ўсё, у кнізе проста памылкова выкарысталі не той фотаздымак, у чым няма нічога дзіўнага - такія выпадкі часьцяком здараюцца нават з акадэмічнымі выданньнямі...
penata
Nov. 21st, 2012 09:54 am (UTC)
Были-были. В Дятлово был всякий, кто отдыхал в санатории Радон (он там совсем рядом и является достаточно широко известным в узких кругах). Так-что никакая не глушь.
В дятловском костеле фильм снимали «Полонез Огинского».
Там есть неплохая достаточно уютная гостинница "Дядя Ваня" (чуть правее ярких домов на первой фотографии). И совершенно негде нормально поесть(
futureal2006
Nov. 21st, 2012 04:24 pm (UTC)
Ну, наконт глушэчы - гэта невялікае мастацкае перабольшваньне, даруйце аўтару :-))
( 8 comments — Leave a comment )

Profile

карта
belarus_travel
Путешествуем по Беларуси вместе

Latest Month

June 2018
S M T W T F S
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930

Tags

Powered by LiveJournal.com
Designed by chasethestars